Гучыць урачыста, як водгукі славы, Гімн нашай вячыстай цудоўнай Дзяржавы... Гімн свету сцвярджае, што любім мы працу, А шлях наш лунае да радасці, шчасця. Пад гукамі Гімна я моўчкі клянуся Сапраўдным быць сынам маёй Беларусі! Міхасъ Пазнякоў |
Добры дзень, паважаныя бацькі. Сёння хочацца павясці з вамі размову пра тое, як вучыць дзяцей паводзіць сябе пры гучанні Дзяржаўнага гімна. Але давайце спачатку пазнаёмімся з гісторыяй гімна.
Дзяржаўны гімн — гэта самы хвалюючы кожнае сэрца сімвал краіны, узвышаная песня пра народ. Мелодыя простая, добра запамінаецца.
Яшчэ ў старажытныя часы людзі, ахопленыя агульным пачуццём радасці, — падчас вялікіх святаў, перамог над ворагам ці пры пазбаўленні ад якой-небудзь павальнай хваробы, засухі, паводкі і пажараў, заканчэння сонечнага зацьмення — спявалі агульную песню ці, можа быць, малітву.
Гэтую ж песню яны спявалі, калі выпраўляліся ў паход на ворага, і песня яднала іх агульнай надзеяй і верай у сілы народа.
Прататыпам сучаснага гімна быў гімн Беларускай ССР.
Паэт Уладзімір Іванавіч Карызна (1938), лірык і песеннік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, атрымаў перамогу ў конкурсе: ягонаму тэксту гімна, у якім выкарыставаны фрагменты ранейшага тэксту гімна, напісанага Міхасём Мікалаевічам Клімковічам (1899—1954), журы аддало перавагу.
Словы гімна павінен ведаць кожны змалку.
У Палажэнні аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што гімн з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту і выконваецца ў аркестравым, харавым, аркестрава-харавым ці ў іншым вакальным ці інструментальным варыянце.
Дзяржаўны гімн выконваецца ў адпаведнасці з зацверджаным тэкстам і музыкальнай рэдакцыяй (нотамі) пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду — пасля прынясення ім прысягі, пры адкрыцці і закрыцці сесій палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пры сустрэчах і праводзінах афіцыйных дэлегацый замежных краін, пры ўшанаванні нашых спартсменаў-пераможцаў, у тым ліку і за мяжой, пры правядзенні воінскіх рытуалаў, а таксама з нагоды разнастайных урачыстасцей, прысвечаных дзяржаўным святам.
I калі гучыць галоўная песня краіны, слухаць яе трэба стоячы, прычым мужчыны абавязаны зняць галаўны ўбор. У вакальна-харавым варыянце выконвання неабходна праслухаць гімн ад пачатку да канца: усе тры куплеты. У аркестровым выкананні дапускаецца праслухванне толькі часткі гімна – адзін куплет і прыпеў. Пасля праслухвання не трэба пляскаць у далоні. Можна спакойна прысесці.
Няхай лунаюць над намі нашы слаўныя сцягі! Няхай асвятляе наш шлях Дзяржаўны герб краіны! Няхай гучаць заклікальныя словы і ўрачыстая музыка нашага велічнага гімна!
Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!